Пасля доўгай зімы многія з нас стараюцца падняць настрой і запрасіць сяброў на невялікае свята, каб правесці час у добрай кампаніі. На пачатку сакавіка віталі вясну і ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна. Мерапрыемства прайшло ў народным стылі і стала сапраўдным святам душы.
Гаспадар з гаспадыняй шчыра віталі ўсіх на сапраўдных святочных пасядзелках і частавалі духмянай гарбатай. А разам з добрымі суседзямі можна было і пагутарыць, і паспяваць знаёмыя ўсім беларускія народныя і аўтарскія песні. Упершыню свята суправаджалі баян і гітара, набытыя ў рамках рэалізацыі праекта “Гэта больш чым музыка” за кошт спонсарскіх сродкаў, выдзеленых акцыянерным таварыствам “Атомстройэкспорт” з частковым сафінансаваннем раённага аддзялення грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”. Менавіта гэтыя музычныя інструменты дазволілі прысутным у поўнай меры пагрузіцца ў атмасферу вясновай свежасці і бадзёрасці, а яшчэ атрымаць сапраўдную асалоду ад мерапрыемства.
Гумар , як заўсёды, стаў неад’емнай часткай свята. Гасцей чакалі жартоўныя гумарэскі, задорныя прыпеўкі, а таксама вяселыя гульні і сапраўдны майстаркласс па народным танцам. Шчыры смех і радасць запоўнілі залу, і многія казалі, што такога настрою ў іх не было ўжо даўно.
Закончыліся пасядзелкі традыцыйным утульным чаяваннем. Наведвальнікі аддзялення з задавальненнем дзяліліся сваімі кулінарнымі шэдэўрамі — ад духмяных бліноў да ўласнаручна спечаных пірагоў. Паўсюль луналі водары свежага хлеба і выпечкі. Усе дружна вырашылі, што вясну прывіталі ад душы і яна абавязкова застанецца з намі!
Спевы, танцы, жарты і, галоўнае, добрая кампанія — гэта тое, што аб’ядноўвае людзей, незалежна ад узросту. Такія мерапрыемствы, безумоўна, варта праводзіць часцей, каб кожны мог адчуць радасць жыцця і акунуцца ў атмасферу сяброўства і шчырай падтрымкі.




