Выберите страницу

Россыпы нашых талентаў. Паседжанне паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне”

Мар 25, 2024

Што такое прыгажосць і якая яна, прыгажосць чалавека? На працягу стагоддзяў паэты і пісьменнікі, мастакі і кампазітары спрабавалі адказаць на гэтае пытанне праз свае творы. А вось вучоныя і даследчыкі даказалі, што прыгажосць чалавека ёсць фізічная і духоўная. Якая з іх найважнейшая? Адказ у кожнага свой, але я ўпэўнена, што ўсё у свеце ўзаемазвязана. Людзі, якія надзелены духоўнай прыгажосцю, маюць добры нораў і такое ж сэрца. Яны заўсёды дапамогуць бліжняму, падзеляцца з ім апошнім кавалкам хлеба. Духоўна прыгожы чалавек з’яўляецца адукаваным і інтэлігентным, ён не сумняваецца ў сабе і ў сваіх сілах. А адсюль вынікае і прыгажосць фізічная.

Пераканацца ў гэтым змаглі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна пад час чарговага паседжання паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне”, тэма якой “Прыгажосць свету сэрцам чую”. Паседжанне было своеасаблівым, бо прымеркавана яно да Сусветнага дня паэзіі. Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з двумя чароўнымі жанчынамі, якія сваім талентам, уменнем весці размову з новай аўдыторыяй, сваёй шчырай і добрай усмешкай, павагай і душэўнай цеплынёй зачаравалі прысутных.

Для нашай госці, а размова пойдзе зараз пра Гелену Станіславаўну Яжэвіч, важнай з’яўляецца духоўная прыгажосць: дабрыня, спагадлівасць, сціпласць і гатоўнасць заўсёды дапамагчы нават чужому чалавеку. Яна ўпэўнена, што людзі цягнуцца не да кавалачка лёду, а да цяпла – усім хочацца, каб цябе разумелі і падтрымлівалі ў цяжкую хвіліну. Імкненне зрабіць жыццё і свет вакол сябе больш прыгожым падштурхнула яе да творчасці, а, менавіта, да напісання вершаў і песен. Прысутныя з вялікім задавальненнем слухалі аўтарскія песні Гелены Яжэвіч, прысвечаныя мужу, у яе выкананні (“Любы мой” і “Нікому цябе не аддам”). Глыбока крануў душу верш “Вам, ветэраны”.

 Святлана Юр’еўна Сярпейка – выдатны майстар з тонкім густам. Здаецца, гэты чалавек заўсёды з усме­шкай, заўсёды ў настроі. Святлана лічыць, што “…чалавек, які мае духоўную прыгажосць заўсёды шчаслівы, і, напэўна, менавіта таму, да яго цягнуцца людзі. У пагоні за знешняй прывабнасцю, ні ў якім разе нельга забываць аб духоўнай прыгажосці асобы. Калі кожны з нас будзе імкнуцца быць ўнутрана прыгожым, свет зменіцца ў лепшы бок”. Калі сказаць пра нашу госцю, што яна займаецца выцінанкай, гэта значыць, не сказаць пра яе нічога, бо, менавіта, аб такіх людзях Кузьма Чорны пісаў: “Чалавек – гэта цэлы свет”. Напэўна, няма такой справы, за якую не ўзялася б жанчына. Работы ў тэхніцы баціка, кропкавая графіка, ткацтва. У яе таленавітых руках ажывае любімая беларуская выцінанка, залатая саломка і непаслухмяная лаза. А яшчэ ўжо больш за тры дзесяткі гадоў Святлана выходзіць на сцэну ў складзе фальклорнага калектыву “Скарбніца”, які дзейнічае пры Кальчунскім аддзеле культуры і вольнага часу. І, канешне, яе прыгожыя, самабытныя вершы. З першых радкоў яны захапляюць слухача сваёй непаўторнасцю, душэўнасцю, праўдзівасцю. Іх хочацца проста слухаць.

Як сказала адна з нашых наведвальніц “..такi чалавек сваiм прыкладам здолее штосьцi закрануць у людскiх сэрцах, здзьме шэрань з замёрзлай чалавечай душы i падыме на паверхню тое, што людзi так старанна спрабуць схаваць”. І з гэтым не паспрачаешся.

У заключэнні паседжання быў майстар-класс ад Святланы Сярпейка па ўпрыгожванню вярбы. Кожны з прысутных атрымаў добрую параду, даведваўся пра маленькія сакрэты, меў магчымасць сваімі рукамі стварыць “шэдэўр” і ў падарунак атрымаць цудоўна упрыгожаныя галінкі дрэўца.

На вялiкi жаль, сёння амаль што ўсе высокiя маральныя якасцi адышлi на другi план. Цяпер лiчыцца смешным, калi чалавек шчыры, добры. Але пасля такой сустрэчы кожны з прысутных упэўніўся, што прыгажосць чалавечай душы гэта тое, чым ратуецца свет, бо яна мае вялікую сілу, якая здольна мяняць наваколле. Дабрыня заўсёды прываблівала людзей, паланіла іх. Менавіта гэтыя якасці Гелены Яжэвіч і Святланы Сярпейка запаланілі сэрцы нашых наведвальнікаў, бо ў іх адрас доўга гучалі словы захаплення і падзякі. А ім, нашым гераіням, як пісаў Сяргей Грахоўскі, “…парэбна не слава, а людская павага i ласка, і сардэчнае, шчырае слова, і вясёлая добрая казка”, бо чуласць людзей адзiн да аднаго, спагада i шчырасць — вось камянi, на якiх будуецца светлы заўтрашнi дзень.

Тэрэса Кошань
спецыяліст па сацыяльнай рабоце
ЦСАН Ашмянскага раёна

Похожие записи