У традыцыйным раённым конкурсе “Сям’я года”, які сёлета праходзіў у пяты раз, прынялі ўдзел пяць сямей. Што сімвалічна: усе яны – мнагадзетныя, да таго ж – дружныя, згуртаваныя, творчыя! Да прыкладу сямейная дружына Кушнярэвічаў з гарадскога пасёлка Астрына – гэта мама Таня, тата Аляксандр і сямёра іх таленавітых дзетак! У астатніх – пакуль па трое нашчадкаў. Цяжка было вызначыць журы пераможцаў у гэтым конкурсе.
Але найбольш балаў набрала сям’я Вількевічаў з аграгарадка Васілішкі. Педагогі па прафесіі і прызванні, бацькі перадаюць у спадчыну дзецям свае дараванні. Аляксандра Вількевіч працуе музычным кіраўніком у цэнтры развіцця дзіцяці, а муж Павел выкладае ў Васілішкаўскай ДШМ па класе баяна. Здаецца, што мастацтва прапісалася ў іх доме. Ні адна з сямей не пакідала сцэну без падарункаў і ушанаванняў. Падтрымаць сваіх работнікаў-канкурсантаў прыйшлі кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў.
Падводзячы вынікі, старшыня журы Алена Пасюта не хавала захаплення тым, якую значную ролю ў выхаванні дзяцей адыгрываюць не толькі клапатлівыя матулі, але і таты – дастойная апора сям’і. Падарункі і цёплыя словы знайшла для ўдзельнікаў лідар раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Шанчук.
Таццяна СТУПАКЕВІЧ. “Дзяннiца”