Выплату аднаразовай матэрыяльнай дапамогі да 75-годдзя Перамогі ветэранам, удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і людзям, якія пацярпелі ад яе наступстваў, пачалі ажыццяўляць у Беларусі з 1 красавіка 2020 года адпаведна Указу № 491 “Аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі”, падпісанаму Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 30 снежня 2019 года.

На Дзятлаўшчыне грашовую падтрымку да юбілейнай даты атрымаюць 34 чалавекі адпаведных катэгорый, сярод якіх тры ветэраны і два работнікі тылу.

2 красавіка віншаванні і грошы прымаў ветэран Вялікай Айчыннай вайны з вёскі Лозкі Фёдар Шалесны. З пажаданнямі здароўя і даўгалецця, словамі шчырай удзячнасці за Вялікую Перамогу да Фёдара Васільевіча завіталі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка.

– Мы ўдзячны вам, Фёдар Васільевіч, за ваш ратны і працоўны подзвіг, – звярнуўся да ветэрана старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Вамі пройдзены сур’ёзны этап жыцця, які закрануў і ваенныя гады, і складаны перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі ў мірны час. Ваша біяграфія дастойная і сумленная. Дзякуем вам за ўсё, жадаем моцнага здароўя і даўгалецця.

Да віншаванняў старшыні райвыканкама з пажаданнямі адолець яшчэ і стогадовы “рубеж” жыцця далучылася  начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама  Алена Васкель. Яна ўручыла Фёдару Шалеснаму кветкі і падарунак ад раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Падрабязней на старонках Дзятлаўскай раённай газеты «Перамога»