Ва ўтульнай зале УТЦСАН «Цёплы дом» сабраліся тыя, каго прынята называць людзьмі «залатога ўзросту». Кірмаш народнай творчасці «Вытокі душы» стаў сапраўдным святам душэўнай шчодрасці і творчасці, якая не падпарадкоўваецца пражытым гадам.
Адказна паставіліся да ўдзелу ў выставе-продажы наведвальнікі аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця для пажылых грамадзян. Тут былі прадстаўлены прыгожыя вырабы са скуры і саломы, тонкае майстэрства пляцення з лазы, загадкавая джутавая філігрань, а таксама пернікі і лядзяшы на палачках. Усё гэта можна было не толькі паглядзець, але і набыць, забраўшы з сабой часцінку цяпла, створанага руплівымі рукамі майстрых.
Аднак не хлебам адзіным жывуць людзі, якія пайшлі на заслужаны адпачынак. Удзельнікі мерапрыемства прадэманстравалі свае сцэнічныя здольнасці. На імправізаванай сцэне ліліся песні ў выкананні вакальнага калектыву «Крынічанька», а танцавальны калектыў «Маладосць душы» сваімі рухамі даказваў, што назва цалкам адпавядае ўнутранаму стану ўдзельнікаў. Тэатралізаваная студыя «Натхненне» падарыла гледачам замалёўку, поўную гумару і жыццёвай мудрасці.
Асаблівую атмасферу стварыў Мікалай Цітавец. Пад акампанемент гітары ён выканаў песню ўласнага сачынення «Паклон вам, родныя ветэраны», а таксама прачытаў верш-прысвячэнне жанчынам з танцавальнага гуртка «Маладосць душы». Твор нарадзіўся нечакана: Мікалай Аляксандравіч убачыў фота ўдзельніц калектыву на першай паласе раённай газеты «Светлы шлях» і не змог стрымаць пачуццяў .
Загадчыца аддзялення падтрымкі актыўнага даўгалецця для пажылых грамадзян Таццяна Кунавіч падкрэсліла значнасць падобных сустрэч. Па яе словах, гэта ўжо традыцыйнае мерапрыемства, якое штогод праходзіць у межах дэкады «Залаты ўзрост». Гледзячы на гэтых людзей, разумееш: яны не лічаць гады, яны лічаць самыя цудоўныя моманты свайго жыцця. І самае галоўнае – яны не проста чакаюць гэтых момантаў, а самі іх ствараюць.









