Народная песня – як малітва. Яна ўзвышае чалавека і з’яўляецца аб’яднаннем паэзіі і музыкі. Слухаць такія творы заўсёды прыемна.
Наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання грамадзян сталага ўзросту цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ашмянскага раёна мелі магчымасць у чарговы раз сустрэцца з выканаўцамі народнай песні, якія гучалі ў выкананні народнага сямейнага ансамбля “Граўжанцы” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Граўжышкі. Гэта вельмі творчыя людзі, якія заўсёды, дзе б яны ні выступалі, дараць прыгожую музыку і прыгожую родную беларускую песню сваім слухачам.
Сваё выступленне нашы госці пачалі з выканання песні “Святочная”, а далей, як кажуць, што з рога ўсяго многа, так і ў выкананні артыстаў пасыпаліся прыгожыя, душэўныя, меладычныя песні: “Ехаў Ясь на кані”, “Колькі ў небе зор”, “Да цешчы на бліны”, “А над рэчкай туман” і інш.
Парадаваў слухачоў Эдуард Булкевіч, у выкананні якога прагучала байка “Не дабраўся”.
Прыемным момантам сустрэчы стала сумеснае выкананне танца “Кракавяк”. Удзельнікі мерапрыемства з вялікім задавальненнем танцавалі разам з артыстамі.
Удзячныя слухачы доўга-доўга не адпускалі артыстаў са сцэны.


