21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
У аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту ДУ “ТЦСАН Ашмянскага раёна” у рамках клуба “Мерыдыян” прайшло паседжанне паэтычна-музычнай гасцёўні “Натхненне”, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. “Сэрцам роднага слова краніся” так акрэслена тэма мерапрыемства, якое пачалося з прагляду відэароліка беларускага гурта “Дразды” і праслухоўвання іх песні “Родная мова”. На мерапрыемстве прысутнічалі не толькі нашы наведвальнікі, але і госці: фальклорны гурт “Скарбніца” аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кальчуны, мясцовыя паэтэсы Алена Місюк і Ірына Ізбіцкая, вучні дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія № 1 г.Ашмяны”.
У выкананні гурта “Скарбніца” прагучалі прыгожыя беларускія песні “Туман ярам”, “Ой ляцелі гусі з броду”, “Ці ўсе лугі пакошаны” і, менавіта, гэты гурт паказаў прыгажосць роднай мовы ў песні.
А вось гучанне беларускага слова ў паэзіі прысутныя маглі пачуць ад нашых мясцовых паэтэс Алены Місюк і Ірыны Ізбіцкай, якія падзяліляся сваёй творчасцю, прачыталі асабістыя вершы. Іх выступленне кранула душу кожнага. На вачах некаторых былі слязінкі. Алена Місюк падаравала ўсім вельмі прыгожы верш “Ручнік”, прадэманстравала ручнік сваёй матулі, які тая выткала ў далёкім 1934 годзе. Памяць пра матулю, пра яе працавітыя рукі лягла ў аснову верша.
А Ірына Ізбіцкая парадавала сваім новым творам “Мая вёсачка”.
Вядучыя прапанавалі пачуць роднае слова і ў віншавальнай форме, так як у зале прысутнічалі две жанчыны-юбіляршы, нашы наведвальніцы – Надзея Мікалаеўна Зарубіна, якой споўнілася 75 год, і Яніна Мар’янаўна Баравая – 65 год. Для іх прагучалі цёплыя, душэўныя словы.
Вельмі ўважліва слухалі выступоўцаў вучні ДУА “Гімназія № 1 г.Ашмяны”, для якіх наша мерапрыемства стала своеасаблівым урокам беларускай мовы і літаратуры. Хочацца спадзявацца на тое, што матчына слова таксама закранула сэрца молодзі.
Аляксей Пысін напісаў: “Дала мне маці гэту мову, каб не нямым прыйшоў у свет, дала мне маці гэту мову, як спадчыну і запавет”.
Тэрэса Кошань
спецыяліст па сацыяльнай рабоце
ДУ “ТЦСАН Ашмянскага раёна”