31 жніўня 2022 г. спецыялістамі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ДУ “ТЦСАН Ашмянскага раёна” арганізавана экскурсійная паездка для наведвальнікаў аддзялення, прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства і Году гістарычнай памяці.
Першым пунктам падарожжа стаў Купалаўскі мемарыяльны запаведнік Вязынка. У доме, дзе нарадзіўся класік беларускай літаратуры, наведвальнікі ўбачылі адноўленую абстаноўку таго часу. Вакол мемарыяльнага дома-музея змаглі прагуляцца па запаведніку, дзе стаіць помнік народнаму вершапісцу.
Далей маршрут прайшоў праз аг.Кушляны. Гэта месца, дзе жыў заснавальнік новай беларускай літаратуры – Францішак Багушэвіч. Музей размешчаны ў рэканструяваным доме, дзе паэт правёў свае апошнія гады жыцця. На тэрыторыі сядзібы памяць пра Ф.Багушэвіча захоўвае камень-тайнік, да якога прыходзіў вялікі пісьменнік. На камені пасля смерці творцы з’явіўся надпіс: «Памяці Мацея Бурачка. 1900 г.».
Завяршылася паездка наведваннем магілы Ф.Багушэвіча у аг.Жупраны.
І дом-музей у Вязынцы, і музей-сядзіба ў Кушлянах, ахутаныя духам беларускага побыту, далі магчымасць экскурсантам дакрануцца да гісторыі жыцця адных з найвялікшых беларускіх пісьменнікаў.