Шчучын – пілотная пляцоўка для распрацоўкі «Павесткі-50»

Шчучын стаў адным з нямногіх беларускіх гарадоў, які абраны пілотнай пляцоўкай для стратэгічнага планавання мясцовай павесткі-50 – кампаніі, накіраванай на вывучэнне праблем людзей з інваліднасцю менавіта ў пэўнай мясцовасці.

18.12.2017  ў кінатэатры «Беларусь» сабраліся прадстаўнікі сацыяльнай службы, грамадскіх арганізацый і самі людзі з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама бацькі дзяцей-інвалідаў, каб паўдзельнічаць у праекце «Актыўная супольнасць», які рэалізуе Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа ў рамках кампаніі «Павестка-50» пры фінасавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза.

Трэнінгі праводзяць менеджэр праекта Інэса Ларыёнава і Алена Паўлянковіч. Актыўна ўдзельнічаюць у прапанаванай праграме «Школа лідара» наведвальнікі аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў і дзённага знаходжання для пажылых людзей ТЦСАН.

– Мэта нашых заняткаў – садзейнічаць актывізацыі людзей з інваліднасцю, якія пражываюць у Шчучыне, па вырашэнні лакальных праблем метадам адвакатавання і самадапамогі, – падкрэсліла Інэса Ларыёнава.

Госці змаглі зацікавіць прысутных, прыцягнуць да цікавага дыялога, нефармальнага і вельмі шчырага абмеркавання злабадзённых праблем, сярод якіх пашырэнне безбар’ернага асяродку, працаўладкаванне людзей з інваліднасцю, іх адаптацыя ў грамадстве.

Каардынатар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага Саюза ў Рэспубліцы Беларусь Наталля Стасевіч расказала аб магчымасці ўдзельнічаць у міжнароднай праектнай дзейнасці, у выніку чаго прыцягваць у свой рэгіён рэальнае фінансаванне пад ажыццяўленне сацыяльна значных ідэй.